Беларуска-літоўскі канфлікт разьвіваецца шляхам эскаляцыі. Улады Беларусі ўзмацняюць ціск на Літву. Фактычна яны ўзялі ў закладнікі больш як 1000 літоўскіх фураў. Зь беларускай тэрыторыі працягваюць лётаць кантрабандныя балёны, якія пэрыядычна паралізуюць працу віленскага аэрапорту. Усяго з пачатку крызісу гэтыя атакі паўплывалі на 320 авіярэйсаў, закранулі 47 тысяч пасажыраў і прывялі сумарна да амаль 60-гадзіннага закрыцьця аэрапорту. Менск патрабуе ад Вільні ўступіць у перамовы на ўзроўні кіраўнікоў МЗС. Літва адмаўляецца гэта рабіць.
Варта адзначыць, што на абвастрэньне ідуць абодва бакі. У Літве абвясьцілі экстрэмальную сытуацыю на ўсёй тэрыторыі краіны праз паветраную небясьпеку зь Беларусі. Прэзыдэнт Гітанас Наўседа кажа пра магчымасьць канфіскацыі беларускай маёмасьці, якая знаходзіцца ў Літве. Вільня афіцыйна зьвярнулася да АБСЭ, ЭЗ, ЗША з скаргай на дзеяньні Менску. Эўразьвяз рыхтуе адмысловыя санкцыі супраць Беларусі менавіта з прычыны гэтых дзеяньняў яе ўладаў.
Лукашэнка абвінаваціў Польшчу, Нямеччыну, суседзяў Беларусі ў мілітарызацыі і рыхтаваньні да вайны
9 сьнежня Аляксандр Лукашэнка правёў паседжаньне Савету бясьпекі, на якім выкарыстоўваў вельмі агрэсіўную рыторыку на адрас Літвы і Эўропы ўвогуле. Ён абвінаваціў Польшчу, Нямеччыну, суседзяў у мілітарызацыі і рыхтаваньні да вайны. У адказ, адзначыў Лукашэнка, «трэба актуалізаваць нашыя абаронныя дзеяньні», і згадаў у зьвязку з гэтым расейскую ядзерную зброю і ракетныя комплексы.
Але галоўным аб’ектам нападак Лукашэнкі стала Літва. Набор абвінавачаньняў даволі вялікі. Лукашэнка даводзіць, што кантрабандныя балёны «ніякай праблемы не становяць» для авіяцыі, а Літва штучна палітызуе гэтае пытаньне. Акрамя таго, літоўскім уладам закідваецца тое, што яны ўвялі санкцыі супраць Беларусі, падтрымліваюць беларускую апазыцыю, сканфіскавалі беларускую маёмасьць.
«Вярніце нам 17 або 20 аўтамабіляў, якія вы скралі. Пажарныя аўтамабілі, якія пастаўлялі ў Зымбабвэ. Нармалізуйце работу нашага санаторыю… І вярніце нам грошы за тое, што мы там будавалі порт», — патрабуе Лукашэнка.
Акрамя таго, улады Беларусі імкнуцца распаліць унутраны крызіс у Літве, апэлююць да літоўскага грамадзтва. Такую тактыку яны ўжываюць не ўпершыню. Прадстаўнікі перавозьнікаў Літвы плянуюць акцыю пратэсту супраць дзеяньняў літоўскага ўраду. Таксама незадаволеньне выказваюць авіяпасажыры, якія цярпяць ад перабояў у працы Віленскага аэрапорту. Менск адчуў слабое месца Літвы і ўзмацняе ціск.
Фактычна Лукашэнка абвесьціў Літве ўльтыматум. Маўляў, дзеля вырашэньня ўсіх праблемаў пагаджайцеся на перамовы з Беларусьсю на палітычным узроўні. «Калі хочаце нармальных адносін — сядайце за стол перамоваў і абмяркоўвайце гэтыя праблемы. Мы да гэтага гатовыя. Іншых варыянтаў няма», — сказаў ён.
Увогуле, самое паседжаньне Савету бясьпекі з жорсткімі абвінавачаньнямі на адрас Эўропы і, найперш, Літвы — гэта падвышэньне ставак перад анансаванымі перамовамі з ЗША.
Крытыкуючы эўрапейскія краіны, Лукашэнка пазытыўна ацэньвае дзейнасьць амэрыканскай адміністрацыі: «Як бы тут ні спрабавалі прынізіць ролю Трампа, ён малайчына». У Менску ведаюць, што Вільня апэлюе да Вашынгтону з просьбай узьдзейнічаць на Беларусь. І Лукашэнка папярэджвае: «Думаюць, што прыедуць амэрыканцы і на мяне націснуць… Ня трэба прыцягваць амэрыканцаў, расейцаў ці ўкраінцаў. Гэты нумар ня пройдзе. Гэтая тэма ляжыць у плашчыні нашых перамоваў і нашых пагадненьняў».
І тут Лукашэнка намацаў яшчэ адно слабое месца пазыцыі Літвы. Вільня адмаўляецца весьці палітычныя перамовы зь Менскам, каб не легітымізаваць рэжым Лукашэнкі. Адначасова яны зьвяртаюцца па дапамогу да ЗША, якія якраз вядуць перамовы з уладамі Беларусі на палітычным узроўні.
Заклікаючы Літву не апэляваць да ЗША, сам Лукашэнка акурат імкнецца паскардзіцца амэрыканцам на літоўскае кіраўніцтва. Атрымоўваецца, што дэлегацыя Злучаных Штатаў на чале з спэцыяльным прадстаўніком Дональда Трампа Джонам Коўлам выступае ў ролі нават не пасярэдніка, а арбітра, які павінен разьвязаць гэтую спрэчку паміж Беларусьсю і Літвой.
Заклікаючы Літву не апэляваць да ЗША, сам Лукашэнка якраз імкнецца паскардзіцца амэрыканцам на літоўскае кіраўніцтва
Але тут ёсьць адна праблема. Калі «навешваць» на беларуска-амэрыканскі перамоўны трэк зашмат пытаньняў, то ён можа ня вытрымаць пад цяжарам невырашальных праблем і абваліцца. За вызваленьне палітвязьняў Менск імкнецца атрымаць ад ЗША і скарачэньне амэрыканскіх санкцыяў, і ціск на Эўразьвяз дзеля зьмяншэньня санкцыйнай палітыкі, і саступкі ад Літвы.
У сваю чаргу да ЗША, акрамя Літвы, апэлюе і Польшча — у справе вызваленьня журналіста і актывіста польскай меншасьці ў Беларусі Анджэя Пачобута і іншых палітвязьняў. Раней беларуска-амэрыканскім перамоўным трэкам скарысталася і Ўкраіна — каб вызваліць 31 украінскага грамадзяніна з беларускай вязьніцы.
Такая колькасьць перамоўных грузаў можа заблякаваць самы працэс.
Форум