Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі распавёў аб амэрыканскай прапанове па Данбасе


Дональд Трамп і Ўладзімір Зяленскі, Вашынгтон, 17 кастрычніка 2025
Дональд Трамп і Ўладзімір Зяленскі, Вашынгтон, 17 кастрычніка 2025

Прадстаўнікі Злучаных Штатаў пры абмеркаваньні мірнага ўрэгуляваньня ва Ўкраіне прапануюць вывесьці ўкраінскія войскі з падкантрольнай Кіеву часткі Данецкай вобласьці — пры ўмове, што расейскія войскі на гэтыя тэрыторыі ня зойдуць, і яны стануць «дэмілітарызаванай» або «свабоднай эканамічнай зонай».

Пра гэта сёньня распавёў журналістам прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён падкрэсьліў, што амэрыканскія прадстаўнікі лічаць такую прапанову кампраміснай, аднак Украіна ня згодная з такой ацэнкай.

Зяленскі заявіў, што пытаньне кантролю над Данецкай вобласьцю, а таксама над Запароскай АЭС, застаецца адным з галоўных неўрэгуляваных пытаньняў падчас мірных перамоваў. Па словах Зяленскага, Расея хоча ў любым выпадку «атрымаць пад свой кантроль увесь Данбас», і амэрыканцы «шукаюць нейкі фармат», каб Украіна магла на гэта пагадзіцца. Аднак, як сказаў украінскі прэзыдэнт, Украіна гэта «не ўспрымае». Па словах Зяленскага, акрамя таго, самім амэрыканцам пакуль не зразумела, хто будзе кіраваць «дэмілітарызаванай зонай» у выпадку вываду ўкраінскіх войскаў.

Як сказаў Зяленскі, Украіна зыходзіць з таго, што войскі павінныя заставацца на лініі судакрананьня. Пры гэтым ён ня выключыў, што Ўкраіна можа пагадзіцца на адвод войскаў, але ў тым выпадку, калі і Расея адвядзе войскі на такую ж адлегласьць. Цяперашні варыянт мірнага пляну, па словах Зяленскага, прадугледжвае вывад расейскіх войскаў з акупаваных імі ўчасткаў тэрыторыяў Харкаўскай, Сумскай і Днепрапятроўскай абласьцей — але не з Данецкай, Луганскай, Запароскай або Херсонскай.

Гаворачы аб Запароскай АЭС, падкантрольнай зараз Расеі, Зяленскі адзначыў, што ЗША хацелі б, каб станцыя была пад сумесным кіраваньнем. Прэзыдэнт Украіны ня выключыў гэтага, але толькі пры ўмове вываду са станцыі і яе навакольляў расейскіх войскаў.

Канчатковае рашэньне па пытаньні тэрыторыяў, падкрэсьліў Зяленскі, павінен прыняць народ Украіны «у фармаце выбараў ці ў фармаце рэфэрэндуму». Ва Украіне неаднаразова падкрэсьлівалі, што дзеля спыненьня агню гатовы пакінуць акупаваныя тэрыторыі пад кантролем Расеі, але ні ў якім разе не прызнаваць іх расейскімі дэ-юрэ.

Зяленскі паведаміў таксама, што ў чацьвер прайшла нарада з удзелам прадстаўнікоў Украіны і ЗША, у тым ліку кіраўніка Пэнтагону Піта Гегсэта і дзяржсакратара Марка Рубіё, па пытаньні гарантыяў бясьпекі Ўкраіны. У абмеркаваньні ўзяў удзел і генэральны сакратар NATO Марк Рутэ.

Як паведаміла сёньня выданьне Axios, у суботу 13 сьнежня, у Парыжы павінная прайсьці сустрэча высокапастаўленых прадстаўнікоў ЗША, Украіны, Францыі, Нямеччыны і Вялікай Брытаніі, прысьвечаная абмеркаваньню мірнай ініцыятывы ЗША. Уладзімір Зяленскі і эўрапейскія лідэры таксама хочуць правесьці сумесную тэлефонную размову з Дональдам Трампам, але яна яшчэ не заплянаваная, паведамілі Axios чыноўнік Белага дома і крыніца, знаёмая з сытуацыяй.

Раней прадстаўнікі Украіны перадалі ЗША свае ўзгодненыя з эўрапейскімі партнэрамі прапановы па чарговай рэдакцыі мірнага пляну. Прэзыдэнт ЗША Трамп напярэдадні зноў заклікаў Зяленскага хутчэй пагаджацца на мірныя прапановы, частку якіх раней ва Украіне і ў ЭЗ называлі непрымальнымі. Нявырашанымі, акрамя пытаньня тэрыторыяў, застаюцца пытаньні гарантыяў бясьпекі і выкарыстаньня замарожаных расейскіх актываў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG