Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агучаны плян рэформаў, патрэбных для ўступленьня Ўкраіны ў Эўразьвяз


Удзельнікі нарады міністраў у эўрапейскіх справах дзяржаваў ЭЗ, Львоў, 11 сьнежня 2025
Удзельнікі нарады міністраў у эўрапейскіх справах дзяржаваў ЭЗ, Львоў, 11 сьнежня 2025

На нефармальным пасяджэньні міністраў у эўрапейскіх справах краінаў ЭЗ, якое прайшло ўва Львове, было заяўлена, што ва ўмовах блякаваньня Вугоршчынай уся тэхнічная праца па ўступленьні Ўкраіны ў Эўразьвяз будзе выкананая загадзя.

Пра гэта паведамляе DW.

Працэс уступленьня Ўкраіны ў ЭЗ працягваецца, нягледзячы на блякаваньне Вугоршчынай, заявіла Мары Б’еры, дацкая міністарка ў справах Эўропы.

«Я вельмі ганаруся тым, што падчас дацкага старшыняваньня мы ўжылі новы падыход да пашырэньня, калі мы выконваем усю тэхнічную працу загадзя. Гэта азначае, што працэдура пашырэньня не знаходзіцца ў тупіку. Украіна можа рухацца далей з усёй тэхнічнай працай, якую трэба выканаць», — сказала Бʼеры ў чацьвер, 11 сьнежня, падчас нефармальнага пасяджэньня міністраў у эўрапейскіх справах краінаў ЭЗ, якое адбылося ўва Львове.

Пры гэтым дацкая міністарка нагадала, што для адкрыцьця перамоваў патрэбны кансэнсус усіх краін-чальцоў ЭЗ і што пакуль не ўдалося зьняць вугорскую блякіроўку.

«І калі блякіроўка будзе зьнятая, а я дастаткова ўпэўненая, што так і будзе, мы зможам вельмі хутка адкрыць гэтыя перамоўныя кластэры і закрыць іх, зрабіўшы Ўкраіну гатовай да ўступленьня ў ЭЗ», — запэўніла Мары Бʼеры.

Адказваючы на пытаньне аб тым, якім чынам можна зьняць блякіроўку перамоўнага працэсу Будапэштам, дацкая міністарка ў справах Эўропы запэўніла, што калі Ўкраіна, якая вядзе абарончую вайну, працягне выконваць рэформы, «ціск будзе настолькі моцным, што блякіроўка ня зможа доўжыцца вечна» і яе «давядзецца зьняць», бо «так шмат краін хочуць бачыць Украіну ў ЭЗ».

ЭЗ і Украіна ўзгаднілі плян з 10 прыярытэтных рэформаў

У сваю чаргу, эўракамісарка ў пытаньнях пашырэньня ЭЗ Марта Кос, якая таксама прысутнічала на сустрэчы ўва Львове, падкрэсьліла, што будучае сяброўства Ўкраіны ў ЭЗ разглядаецца Эўракамісіяй як ключавы элемэнт эўрапейскіх гарантыяў бясьпекі для Кіева.

«Гэта самы надзейны шлях да квітнеючай і стабільнай Украіны, і гэта будзе ключавым для таго, каб любое мірнае ўрэгуляваньне было ўстойлівым», — падкрэсьліла Кос.

Кос удакладніла, што ЭЗ і Ўкраіна ўжо ўзгаднілі плян з 10 прыярытэтных рэформаў:

«Усе яны накіраваныя на ўмацаваньне вяршэнства права, барацьбу з карупцыяй і пабудову моцных, падсправаздачных дэмакратычных інстытутаў, у якіх Украіна мае патрэбу для будучага працэсу ўступленьня».

Адным з галоўных пытаньняў апошняга сёлета саміту Эўразьвязу, які павінен адбыцца 18-19 сьнежня ў Бруселі, стане пытаньне пачатку перамоваў аб уступленьні Украіны ў ЭЗ. Нягледзячы на тое, што Кіеў выканаў усе неабходныя патрабаваньні для адкрыцьця перамоўных кластэраў, гэты працэс быў заблякаваны Вугоршчынай. Прэмʼер-міністар гэтай краіны Віктар Орбан рэгулярна заяўляе, што прынцыпова выступае супраць сяброўства Ўкраіны ў ЭЗ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG