Эўракамісарка ў пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва Марта Кос ня бачыць «магчымасьці зьняцьця якіх-небудзь санкцыяў» зь Беларусі. Пра гэта яна сказала ў інтэрвію парталу «Люстэрка».
Сёньня на канфэрэнцыі ў Брусэлі, прысьвечанай рэформам і дэмакратычным пераўтварэньням у Беларусі, эўракамісарка ў пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва Марта Кос абвясьціла, што Эўразьвяз вылучыць налета дадатковыя 30 мільёнаў эўра падтрымкі людзям Беларусі.
Журналісты «Люстэрка» спыталі эўракамісарку, ці гатовы Эўразьвяз, сьледам за ЗША, ісьці на зьмякчэньне санкцый дзеля вызваленьня палітвязьняў?
«Не цяпер» — адказала Кос.
На яе думку, санкцыі добрыя менавіта тым, што падштурхоўваюць афіцыйны Менск перагледзець свае паводзіны і падумаць пра вяртаньні на дэмакратычны шлях. Паводле яе, на дадзены момант не было ніякіх станоўчых зьменаў з боку рэжыму Лукашэнкі.
«Я ня бачу магчымасьці зьняцьця якіх-небудзь санкцыяў» — сказала эўракамісарка.
На пытаньне, ці ня здарыцца так, што беларусы ня змогуць разьлічвацца банкаўскімі карткамі ў ЭЗ або наогул атрымліваць візы, Марта Кос адказала: «Трэба абсекчы ўсе сувязі, каб зрабіць немагчымым жыцьцё і працу беларускага ўраду і ўсіх тых, хто душыць беларускі народ». Аднак яна дадала, што разумее, што для беларусаў, якія жывуць у краіне ў вельмі цяжкіх умовах, важна мець магчымасьць выехаць. «Мы ў цэлым гэта падтрымліваем» — падкрэсьліла эўракамісарка.
«Мне вельмі спадабалася фраза Сьвятланы Ціханоўскай: кожная аўтакратыя ў нейкі момант разбураецца, часам тады, калі мы зусім гэтага не чакаем. Я вельмі спадзяюся, што мы хутка ўбачым такую сытуацыю ў Беларусі» — сказала Кос.
Яна сказала, што выразна праводзіць мяжу паміж падтрымкай беларускага народу, незалежных мэдыя, грамадзянскай супольнасьці, бізнэсу за межамі Беларусі — і рэжымам.
«Першую групу мы ніколі ня спынім падтрымліваць. Мы таксама будзем гатовыя аказаць усю неабходную дапамогу новаму ўраду вашай краіны, калі ён будзе праэўрапейскім (я вельмі на гэта спадзяюся). Але з-за таго, што адбываецца зараз, і як паводзіць сябе Лукашэнка, мы ніколі ня будзем працаваць зь цяперашнім урадам Беларусі або палітыкамі, ляяльнымі да яго» — патлумачыла эўракамісарка.
Адказваючы на пытаньне пра магчымую будучыню Беларусі ў Эўразьвязе, Кос нагадала, што ёсьць пэўныя папярэднія ўмовы, якія краіна павінна выканаць. Найперш, гэта падача заяўкі, а потым ухвала яе краінамі-чальцамі ЭЗ. «Усё будзе залежаць ад вас, ад беларускага народа: ці хочаце вы бачыць сваю будучыню ў складзе Эўразьвязу і ці гатовыя вы прыняць гэтае рашэньне».
Форум