Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 5 сьнежня: журналіста Ігара Ільяша прызналі «экстрэмістам»

абноўлена

Менскі абласны суд, архіўнае фота
Менскі абласны суд, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Ігара Ільяша прызналі «экстрэмістам»

МУС Беларусі прызнаў «экстрэмістам» асуджанага на 4 гады журналіста Ігара Ільяша.

16 верасьня 2025 году Ільяша пакаралі 4 гадамі калёніі і прызначылі штраф у 100 базавых велічыняў. Яго абвінавацілі паводле артыкулаў аб «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (частка 2 артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу) і «дыскрэдытацыі Беларусі» (артыкул 369-1 КК) у тым ліку за напісаныя ім матэрыялы.

Акрамя Ільяша, у сьпіс трапілі яшчэ 23 чалавекі.

У «Сьпіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 24 чалавек

Усяго ў ім цяпер — 6066, піша «Вясна».

  1. Аксана Апанасовіч, 33 гады
  2. Ягор Буян, 25 гадоў
  3. Андрэй Вяроўкін, 34 гады
  4. Раман Гусейнаў, 40 гадоў
  5. Ягор Жыбурт, 24 гады
  6. Ігар Ільяш, 37 гадоў
  7. Канстанцін Кабурнееў, 30 гадоў
  8. Яўген Кавалёў, 35 гадоў
  9. Дзьмітры Кажадуб, 55 гадоў
  10. Фёдар Кандзіранда, 47 гадоў
  11. Павел Карэнюхін, 37 гадоў
  12. Анастасія Кашчына, 34 гады
  13. Вячаслаў Крук, 44 гады
  14. Аляксандар Лыкшын, 36 гадоў
  15. Аляксандар Мазур, 51 год
  16. Аляксей Паляшчук, 47 гадоў
  17. Максім Федаровіч, 34 гады
  18. Алена Хартановіч, 52 гады
  19. Аляксандар Хомчык, 60 гадоў
  20. Юрый Храмееў, 35 гадоў
  21. Барыс Хусаінаў, 31 год
  22. Назар Чайко, 20 гадоў
  23. Павел Шпак, 40 гадоў
  24. Аляксей Шульжыцкі, 23 гады

19 чалавек у абноўленым сьпісе асуджаныя за «садзейнічаньне экстрэмізму». Зьмест абвінавачаньняў невядомы, але апошнімі месяцамі з гэтым артыкулам ў Беларусі могуць судзіць і зьвязаных з справай «Беларускага Гаюна».

У Койданаве судзяць за перадачу зьвестак аб руху вайсковай тэхнікі

Паводле сьледзтва, 43-гадовы жыхар Менскага раёну з чэрвеня 2022 па красавік 2024 году перадаваў адміністратарам тэлеграм-каналу, які прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем», фота вайсковай тэхнікі, а таксама відэа перамяшчэньняў вайсковага транспарту па тэрыторыі Менскай вобласьці і Менску, піша «Вясна».

Дзяржынскі раённы аддзел Сьледчага камітэту дзеяньні затрыманага кваліфікаваў як «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу). Сьцьвярджаецца, што абвінавачаны віну прызнаў, яго трымаюць пад вартай, а справу перадалі для накіраваньня ў суд.

Каардынатара пошукавага атраду «Анёл» асудзілі на 3 гады калёніі

У Менскім абласным судзе вынесьлі прысуд 34‑гадоваму палітзьняволенаму жыхару Маладэчна Максіму Федаровічу. Яго абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361‑4 КК). Таксама яму прызначылі штраф — 500 базавых велічынь, паведаміла «Вясна».

Ён быў каардынатарам пошукавага атраду «Анёл». Раней рабіў тэхнолягам на «Менск-Крышталі», але цалкам зьмяніў жыцьцё пасьля таго, як у 2017 годзе далучыўся да руху пасьля маштабных пошукаў Максіма Мархалюка ў Белавескай пушчы, піша «Наша Ніва».

«Тады я зразумеў, што проста не магу без гэтага. У людзей ёсьць рыбалка, вандраваньні, спорт як хобі, як занятак усяго жыцьця. А ў мяне занятак усяго жыцьця — гэта пошукі зьніклых людзей. Яны займаюць амаль увесь мой вольны час. Мне, як і многім, даводзіцца ахвяраваць зносінамі зь сябрамі, сямʼёй дзеля выратаваньня людзей», — казаў Максім.

Уцякачку з украінскага Лісічанску і жыхара Камарына пакаралі ў Гомлі. Імаверна, у «справе «Гаюна»

У Гомельскім абласным судзе адбылося два падобныя працэсы. Над 34-гадовай Анастасіяй Кашчынай — украінкай, якая ўцякла пасьля 2014 году зь Лісічанску, які трапіў у зону канфлікту, у Мазыр. І над 30-гадовым Канстанцінам Кабурнеевым з Камарына, што пры самай украінскай мяжы. Іх абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК). Прысуд зьвязаны зь абмежаваньнем ці пазбаўленьнем волі. Але які дакладна, праваабаронцы ня ведаюць, піша «Гомельская Вясна». Невядомая і прычына перасьледу, але праваабаронцы мяркуюць, што ён зьвязаны з справай «Беларускага Гаюна».

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».


Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG