Гэта першы выпадак прымянення новых правілаў ЭЗ супраць адной з найбуйнейшых інтэрнэт-пляцовак.
Паводле прадстаўніка Камісіі, асноўныя прэтэнзіі да X датычаць недастатковай празрыстасьці ў рэкляме, непадачы зьвестак для кантролю і выкарыстаньня «аблуднага» дызайну вэрыфікацыі. «Сіняя галачка», якая павінна сьведчыць пра сапраўднасць акаўнту, у X прапануецца праз платную падпіску, а не працэдуру праверкі асобы.
Афіцыйна рашэньне не датычыць мадэрацыі зьместу, аднак крытыкі абвінавачваюць Брусэль у імкненьні ўзьдзейнічаць на палітыку X і абмяжоўваць свабоду слова. Ілан Маск рашэньня не пракамэнтаваў, але перапосьціў шэраг заяваў, у якіх Эўракамісію вінавацяць у ціску на плятформу.
За X выступілі віцэ-прэзыдэнт ЗША Дж.Д. Вэнс і дзяржаўны сакратар Марка Рубіё. Вэнс заявіў, што ЭЗ мусіў бы абараняць свабоду слова, а не караць амэрыканскія кампаніі «за лухту». Рубіё назваў штраф «нападам на ўсе амэрыканскія IT-плятформы і на амэрыканскі народ з боку замежных урадаў», падкрэсьліўшы, што ЗША «не пацярпяць цэнзураваньня амэрыканцаў у Сеціве».
Раней прадстаўнікі адміністрацыі ЗША ня раз выказвалі занепакоенасьць тым, што эўрапейскі закон аб лічбавай бясьпецы можа выкарыстоўвацца супраць амэрыканскіх тэхналягічных кампаній — уладальнікаў найбольш папулярных сусьветных сацсетак.
Форум