Ці можна было ўратаваць беларусаў Ільлю Жалезьнякова і Ўладзімера Усера? Як дапамагчы людзям, якія ня просяць дапамогі? А людзям, якія ня маюць дзе жыць і што есьці? І калі дапамога мае быць прымусовай? Пачытайце гэты тэкст.
Сёлета ў сьнежні стала вядома пра сьмерць у Польшчы двух беларусаў: 34-гадовага тату-майстра з Гомля Ільлі Жалезьнякова, якому паўгоду таму перасадзілі сэрца, і 70-гадовага журналіста з Бабруйску Ўладзімера Усера (Лазарава), якога абвінавацілі ў шпіянажы.
Пасьля іх сьмерці грамадзкасьць даведалася, што абодва ў апошні пэрыяд жыцьця ня мелі свайго жытла (адзін начаваў у аўтамабілі, другі — у начлежцы для бяздомных), а таксама галадалі («ня еў ні гародніны, ні садавіны, ні мяса», «сьняданак быў — гарбата і кавалак хлеба», «нічога зь ежы няма, толькі вада»).
У сеціве пачалася дыскусія: хто вінаваты ў сьмерці ў гэтых людзей і ці можна ім было дапамагчы, каб яны засталіся жыць.
У Жалезьнякова амаль не было сяброў, ён разышоўся з жонкай. У яго скончыўся тэрмін дзеяньня польскіх дакумэнтаў. Ён ня раз зьвяртаўся па дапамогу ў інтэрнэт-суполках беларусаў у Польшчы з просьбай прынесьці яму ваду ў шпіталь або пералічыць невялікія сумы грошай.
Аднак людзі, якія падтрымлівалі Жалезьнякова, расказвалі, што мужчына не заўсёды хацеў прасіць і тлумачыць абставіны свайго жыцьця, быў вельмі сьціплым, а нават часам злаваўся на спробы яго ратаваць. У фондзе BySol адзначылі, што пры звароце да іх Ільля казаў, што яму вельмі сорамна прасіць грошы. Калі яму сабралі 4 тысячы эўра на жыцьцё пасьля шпіталя, грошы забраў судовы выканаўца за старыя пазыкі. Зь іншага боку, усе арганізацыі, да якіх Жалезьнякоў зьвяртаўся па дапамогу з жытлом, яму адмаўлялі.
Пра гаротнае становішча Усера публічна стала вядома толькі пасьля ягонай сьмерці. Некаторыя адзначалі, што дапамагалі яму фінансава, пакуль ня стала вядома, што беларус супрацоўнічае з рэжымам Лукашэнкі (як той сам тлумачыў — празь няведаньне).
За крок ад экстрэмальнай сытуацыі
На думку прадстаўніка фонду BySol Зьмітра Ягорава, выпадкі трагічных сьмерцяў — экстрэмальныя. У іх людзі апынуліся ў крызісе бяздомнасьці. Такіх людзей зьвяртаецца ў фонд няшмат.
«Але шмат выпадкаў, ледзь ня кожны другі, калі людзі ў кроку ад такой экстрэмальнай сытуацыі. Вельмі часта нашыя атрымальнікі зьбіраюць на арэнду жытла на першы час, калі ёсьць пагроза, што ім ня будзе дзе жыць», — кажа Зьміцер.
Аб’ядноўваюць гэтых людзей «за крок да…» сур’ёзныя праблемы са здароўем, калі яны ня могуць працаваць і забясьпечваць сябе, сярод іх шмат маладых мужчын, якія змагаюцца з наступствамі турэмнага зьняволеньня. З словаў Ягорава, цяпер такіх збораў BySol прыкладна палова (каля дзесяці. — РС). Ён мяркуе, што ў падобную сытуацыю можа трапіць кожны, незалежна ад узросту ці полу.
Людзі, якім ужо няма чаго есьці, чым лекавацца, дзе жыць, на ягоную думку, становяцца «нябачнымі» для грамадзкіх арганізацыяў. Часта ў іх няма сувязі, доступу ў інтэрнэт, яны ня могуць зьвярнуцца па дапамогу такім чынам. Каб разьвязаць гэтае пытаньне, на думку Ягорава, трэба найперш зрабіць гэтых людзей «бачнымі».
«Думаю, гэта для кожнага з нас выклік: не праходзіць міма, зьвяртаць увагу на гэтых людзей, пісаць пра іх хаця б у сацыяльных сетках, пытацца ў іх, чым ім можна дапамагчы, ці сказаць „давай я табе дапамагу“. Калі чалавек жыве ў машыне або яму няма чым харчавацца, можна дапамагчы яму зьвярнуцца ў той жа BySol», — разважае Зьміцер.
Такіх людзей у зусім гаротным стане, паводле назіраньняў Ягорава, ня так шмат. Але ён дапускае, што іх, можа быць, проста не відаць.
«Калі б такіх беларусаў былі тысячы, думаю, мы б іх заўважылі — як грамадзкасьць, так і ўлады тых краінаў, дзе яны знаходзяцца, і мэдыя», — мяркуе суразмоўца.
«Ты ня можаш чалавеку ўсоўваць дабро»
Стваральніца цэнтру дапамогі рэпрэсаваным беларусам «Замак» у Вільні Натальля Калегава падзялілася сваім поглядам на сытуацыю. Яны з мужам аддалі вялікі дом, які набылі за свае грошы, пад патрэбы беларусаў. Утрымліваюць гэты цэнтар уласнымі сродкамі і высілкамі валянтэраў. Плацяць за дом 7 тысяч эўра ў год падатку, а таксама штомесяц улетку 500 эўра за камунальныя паслугі, узімку — каля дзьвюх тысяч.
За апошнія пяць гадоў у ім спыняліся каля 1200 чалавек. Цяпер у «Замку» можна жыць цягам месяца бясплатна, а другі месяц за ахвяраваньне ў сто эўра. Усе жыхары маюць удзельнічаць у групавых занятках з псыхолягам, прыбіраць у доме.
«Да нас можна прыйсьці, кубак гарбаты выпіць, міску супу зьесьці. Да нас прыходзяць людзі, бо ім сёньня голадна», — кажа Натальля.
Яна ведала спачылага журналіста Ўладзімера Усера, ён нейкі час жыў у Літве. Але пры гэтым ён не прасіўся пажыць у «Замку».
«Думаю, што ён сацыяльна некантактны чалавек быў. Я зь ім камунікавала некалькі разоў. Ён прыходзіў да нас па харчовыя прадукты, але было відаць, што яму, на жаль, перадусім была патрэбная псыхалягічная дапамога. У яго дакумэнты ўсе скончыліся, ён жыў у Літве нелегальна. Я яму казала: „Вы што робіце? Вам трэба ў службу міграцыі тэрмінова ісьці, падавацца на візу! Вас кожны паліцыянт спыніць, і ў вас будуць непрыемнасьці. Вы не застрахаваны!“», — успамінае Натальля Калегава.
Паводле яе, падобная сытуацыя магла здарыцца зь беларусам ня толькі ў Польшчы, але і ў Беларусі, і ў Расеі.
«Гэта праблема сацыяльна недагледжанай старасьці, хоць ён не настолькі стары быў. З майго досьведу камунікацыі з людзьмі, у іх у эміграцыі праяўляюцца старыя праблемы. Ён трапіў у гэтае „Чужое неба“… Нейкая незапатрабаванасьць. Ён тут здымаў пакой. Мы часам думалі, можа, ён там ужо памёр. Гэта пра тое, што людзі страцілі сваю сацыяльную значнасьць», — разважае суразмоўца.
Яна кажа, што беларускі пэнсіянэр мог бы пераводзіць сваю пэнсію за мяжу і хаця б часткова за яе сябе ўтрымліваць. З словаў знаёмага, скончыўся тэрмін дзеяньня беларускай банкаўскай карткі Усера, і ён не знайшоў іншага спосабу атрымліваць пэнсію за мяжой.
Калі б у чалавека не было гісторыі палітычнага перасьледу, як у выпадку Ільлі Жалезьнякова, а ён бы зьвярнуўся па дапамогу, то, кажа стваральніца «Замку», яны маглі б індывідуальна разглядзець ягоны выпадак і прымаць рашэньне зыходзячы з таго, ці ён, прыкладам, вёў грамадзкую дзейнасьць за мяжой. Яна задаецца пытаньнямі, чаму ў Ільлі былі пратэрмінаваныя дакумэнты, чаму ён ня меў падтрымкі дзяржавы на лекі, чаму не было блізкіх, якія б яго падтрымлівалі.
«Бяздомныя ня хочуць вырашаць пытаньні. Па-чалавечы ты і кацяня ня выкінеш, ты яго накорміш, напоіш, але вырашаць ягоныя пытаньні ты ня будзеш. Нельга чалавека бясконца цягнуць у ягоным бяздомным ладзе жыцьця. Дапамагчы, вядома, трэба», — мяркуе яна.
Для беларусаў за мяжой, якія ня могуць працаваць і сябе забясьпечваць, пэнсіянэраў, хворых людзей, на яе думку, добра было б стварыць падобны цэнтар, дзе яны маглі б жыць.
Паводле назіраньняў Натальлі, апошнімі гадамі беларускія эмігранты сталі ствараць супольнасьць, падтрымліваць адно аднаго. Яна мяркуе, што тым беларусам, якія ўжо «сталі на ногі», варта дапамагаць тым, каму цяжэй. Прыкладам, уладкаваць іх на працу, калі ёсьць свой бізнэс.
«Аддай, што можаш, вазьмі, што трэба. У мяне ёсьць дзяўчаты, якія па 3-4 эўра штомесяц пераводзяць. Я гэта бачу і так радуюся. Гэта і ёсьць нашая салідарнасьць, нашая любоў адно да аднаго… Ты ня можаш чалавеку ўсоўваць дабро, калі ён у адказ нічога ня хоча табе даць, грамадзтву нічога ня хоча даць», — мяркуе суразмоўца.
«Я раблю гэта вечарамі, позна, бо ўдзень у мяне няма часу»
Адной з прычынаў, чаму не ўдалося дапамагчы абодвум нядаўна памерлым у эміграцыі беларусам, суразмоўцы Свабоды называлі патрэбу ў комплекснай дапамозе, калі высілкаў аднаго чалавека было б замала, дзе патрэбнае было б сыстэмнае разьвязаньне праблемы.
Беларуска Вольга* (не называем прозьвішча дзеля бясьпекі. — РС) расказала Свабодзе, як гэта — дапамагаць. Яна апошнімі гадамі падтрымлівала палітвязьняў і палітычных уцекачоў. Высылала адзеньне і прадукты за краты, калі яшчэ прапускалі пасылкі не ад сваякоў. У эміграцыі ў Польшчы яна часам дапамагае вызваленым палітвязьням ці палітычным уцекачам адаптавацца ў новай краіне, аформіць дакумэнты, зьвярнуцца па грашовую дапамогу ў фонды, знайсьці жытло. У ейнай кватэры на некалькі дзён рэгулярна спыняліся беларусы, якія зьяжджалі зь Беларусі.
Усё гэта Вольга робіць як валянтэрка і не атрымлівае грошай. Хтосьці яе за такую дзейнасьць называе «анёлам», але часам яна сутыкаецца з агрэсіяй, абвінавачаньнямі і няўдзячнасьцю.
«Усё гэта было нескладана, на адлегласьці. Калі 20-30-50 залатовак пералічыш (5-10 эўра на дабрачыннасьць. — РС), нават прыемна. Складана было знайсьці час і камунікаваць», — кажа яна.
Вольга расказала Свабодзе, што нядаўна вырашыла заапекавацца вызваленнай палітзьняволенай. Дапамагала ёй пісаць заяўкі на збор, кантактаваць з фондамі, ініцыятывамі дапамогі, афармляць дакумэнты ў новай краіне, шукаць жытло, купляць адзеньне і побытавыя рэчы.
Аднак, кажа суразмоўца, ейная падапечная часта была незадаволеная, «што ўсё ня так робіцца», што надта павольна вырашаюцца пытаньні, стала не давяраць, скардзіцца ня яе іншым людзям, падазравала, што валянтэрка хоча ёй нашкодзіць, што наўмысна выбірае для яе кепскія варыянты жытла або харчаваньня. Падвышала на яе голас і ўрэшце казала, што такая дапамога ёй не патрэбная. Вольга прапаноўвала ёй скарыстацца з дапамогі псыхатэрапэўта бясплатна, але тая адмаўлялася.
«Я спачатку сьпісвала гэта на стан пасьля турмы. А потым зразумела, што гэта проста такі характар», — разважае яна.
З словаў Вольгі, вызваленая жанчына ставілася да яе так, быццам Вольга ёй павінна, капрызіла. Памочніца мяркуе, што былая палітзьняволеная думае, быццам яна атрымлівае грошы за гэтае суправаджэньне, а словам, што гэта валянтэрства, ня верыць.
«Я жыву, працую, маю свае справы. Я раблю гэта вечарамі, позна, бо ўдзень у мяне няма часу», — расказвае валянтэрка.
Пасьля гэтай складанай сытуацыі, адзначае Вольга, у яе самой пачаліся праблемы са здароўем, яна зьвярнулася да псыхоляга па дапамогу.
«Замест дапамогі мы маем яшчэ плюс аднаго траўмаванага чалавека», — падсумоўвае яна сваю дабрачыннасьць.
На ейную думку, дапамагаць вызваленым палітвязьням маюць спэцыяльна падрыхтаваныя людзі, якія ведаюць, чаго ад іх чакаць і як варта рэагаваць. Суразмоўца мяркуе, што гэта паўнавартасная праца, за якую трэба плаціць грошы. Гэтыя памочнікі, паводле яе, павінны мець доступ да псыхалягічнай дапамогі.
«Мы ўсе, валянтэры, — уразьлівыя. Нас усіх не хапае. Нам усім патрэбная падтрымка, праца. Гэта велізарны кавалак працы. Запісаць чалавека да лекара — гэта не заўсёды лёгка, гэта ня проста — зайшоў у ноўтбук і націснуў на кнопачкі», — прызнаецца Вольга.
«Калі мы самі ня вельмі стабільныя, то чым мы можам дапамагчы іншаму?»
Псыхоляг зь Беларусі Юлія* (не называем прозьвішча дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) працуе з вызваленымі палітвязьнямі і беларусамі ў эміграцыі. Яна выказала Свабодзе меркаваньне, чаму можа быць складана дапамагаць згаданым групам людзей, а таксама чаму ім бывае цяжка зьвяртацца па дапамогу і прымаць яе. І што рабіць, калі я бачу чалавека, імаверна, у бядзе, але які ня просіць яму дапамагчы?
Складана дзяліцца, калі сам ня маеш
Юлія заўважыла, што звычайным беларусам (не псыхолягам і не спэцыялізаваным арганізацыям) можа быць складана дапамагаць такім людзям у бядзе праз шэраг прычын. Адна зь іх — яны самі, будучы ў эміграцыі, могуць пачувацца ў небясьпецы, як і тыя людзі, якім дапамагаюць.
«Калі мы самі ня вельмі стабільныя, то чым мы можам дапамагчы іншаму? Мы праз эміграцыю, рэпрэсіі жывем у стане хранічнага стрэсу, няўпэўненасьці, браку пачуцьця бясьпекі. Фармуецца пэўны спосаб мысьленьня — гэта трохі пра выжываньне, гэта з майго ўласнага дэфіцыту (калі ў мяне чагосьці не зашмат, а бракуе, прыкладам, пачуцьця бясьпекі. — РС). Калі я пачуваюся ў небясьпецы, я не магу даць іншаму гэтай бясьпекі», — кажа псыхоляг.
Яна зьвяртае ўвагу, што адны беларусы могуць пачаць успрымаць сваіх жа — іншых беларусаў за мяжой — як канкурэнтаў, якія таксама будуць у гэтай краіне жыць, шукаць працу і гэтым нібыта пагражаць іхнай уласнай бясьпецы.
Зашмат болю
Другая прычына — занадта шмат болю свайго ўласнага, у сваёй сям’і, сярод суседзяў.
«Мяне ўжо не хапае, каб я магла пабачыць боль усіх. Я ўжо настолькі выгарала як сьведка, а можа, я таксама была рэпрэсаваная, што няма гэтай прасторы ўнутры. А часам я не хачу дакранацца да гэтага болю, і лепей адрэзаць сябе нават ад супольнасьці, інтэгравацца ў іншую супольнасьць, прыкладам, у польскую, каб больш ня мець кантакту з гэтым болем», — тлумачыць спэцыялістка.
Страх перасьледу
Сярод прычынаў дапамагаць — і страх таго, што службоўцы рэжыму Лукашэнкі заўважаць гэтую дапамогу палітычным вязьням ці мігрантам і будуць помсьціць ім або іхным родным у Беларусі.
ПТСР
Яшчэ адна прычына, чаму можа быць складана дапамагаць вызваленым палітвязьням, — у тым, што многія зь іх выходзяць з турмаў з посттраўматычным стрэсавым разладам, моцна парушанымі асабовымі межамі. Праз гэта зь імі можа быць складана камунікаваць. На спробу дапамагчы такія людзі могуць рэагаваць агрэсіяй, крыкам, пасіўнай агрэсіяй або, наадварот, заміраньнем.
Пры гэтым, зьвяртае ўвагу псыхоляг, самі былыя палітвязьні не заўсёды зьвяртаюцца па дапамогу.
«Прасіць = быць слабым і залежным»
Ім бывае складана прасіць, бо гэта вядзе да залежнасьці. А быць залежным ад сыстэмы ў турме было небясьпечна.
«Калі я прашу — я ў рызыцы. Калі я залежу ад кагосьці — я безабаронны. Таму лепш ні ад кога не залежаць, нічога не прасіць. Лепш мець дэфіцыты, адчуваць самотнасьць, але я ніколі больш не хачу залежаць ад нікога, бо гэта вялікі боль», — тлумачыць Юлія.
Таму чалавек у турме імкнецца быць максымальна аўтаномным і самадастатковым, каб выжыць. Потым ён працягвае прымяняць гэты мэханізм на волі. Хоць адначасова ў вызваленых палітвязьняў вельмі шмат дэфіцытаў, ім не хапае ўласных рэсурсаў, працягвае экспэртка:
«Натуральна, чалавек патрабуе чалавека. У турме людзі спрабуюць выжываць, вязьні будуюць свае кантакты адзін з адным. Але там трэба быць уважлівымі і асьцярожнымі, ведаць, каму можна паказаць свае эмоцыі і боль, а каму ні ў якім разе. Гэта пастаянная напруга 24/7, і няважна, сярод „сваіх“ ты ці сярод міліцыі і ахоўнікаў. Ворагі паўсюль».
Людзі, якія сядзелі, паводле псыхоляга, спрабуюць вярнуць сабе пачуцьцё ўплыву, прыкладам, праз тое, што ідуць у актывізм, у палітыку. Гэтае вяртаньне сабе ўплыву для іх — тэрапія і праца. Хоць часам людзі сабе шкодзяць гэтым.
«Калі яны сядзелі ў турме, там уплыву не было. Там іх кантралявалі, ім трэба было выжываць, падпарадкоўвацца. Выходзячы адтуль, вельмі цяжка прасіць, вельмі цяжка быць залежным. Нам трэба гэта ўшанаваць, бо я веру, што арганізм дае сабе тое, што найбольш для яго магчыма, даступна тут і цяпер, так, як ён умее», — тлумачыць Юлія.
Дапамога можа выглядаць паблажліва — быццам той, хто дапамагае, лепшы, а той, хто прымае дапамогу, горшы. Варта сачыць і за гэтым, мяркуе псыхоляг.
«Прасіць = абцяжарваць іншых»
Другая прычына, чаму вызваленым можа быць складана зьвяртацца па дапамогу, — нежаданьне кагосьці абцяжарваць, напружваць, разуменьне, што іншым таксама складана. Гэтая матывацыя, як і папярэдняя, можа сфармавацца яшчэ ў сям’і, без турэмнага досьведу, адзначае псыхоляг.
«Лепш цярпець ціха, чым кагосьці абцяжарваць. Лепш не прасіць, бо можна сустрэцца з агрэсіяй», — кажа спэцыялістка.
«Я ня буду прасіць у таго, хто добра жыў, пакуль я сядзеў»
Ёсьць і супрацьлеглая прычына — варожае стаўленьне да беларусаў, якія жылі ў дабрабыце, пакуль сам чалавек перажываў цяжар турмы.
«Я ня буду да іх зьвяртацца, бо яны тут сядзелі ў бясьпецы — беларускія мігранты, якія выехалі яшчэ перад рэпрэсіямі. Што яны могуць ведаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі? Паміж намі ёсьць нават варожасьць. Калі людзі выходзяць з турмы, адчуваньне пакінутасьці, забытасьці, варожасьці пераносіцца ў штодзённае жыцьцё, на кантакты зь іншымі людзьмі, зь беларусамі, якія даўно за мяжой. Тады яны ня бачаць падтрымкі ў такіх людзях, а бачаць — „вам тут было добра, а мы там змагаліся“», — прыводзіць варыянт разважаньняў Юлія.
Яна заўважае, што гэта частка культурнага коду беларусаў — асацыяваць просьбу пра дапамогу з слабасьцю, прыніжэньнем. І гэта неканечне зьвязана з турэмным досьведам.
«Але глыбока ўнутры мы вельмі залежныя. Мы ўсе патрабуем супольнасьці, прыналежнасьці, падтрымкі, цеплыні, дабрыні. Але часам ня ўмеем ні прасіць, ні карыстацца гэтым», — тлумачыць яна.
«Мяне зразумее толькі той, хто як я»
Беларусы за мяжой апошнім часам шукаюць сваіх, яднаюцца, разам п’юць каву ці гуляюць у настолкі, падтрымліваюць беларускія бізнэсы, заўважае суразмоўца. І гэта канструктыўны шлях.
Аднак для былых палітвязьняў можа быць складана знайсьці сваіх, асабліва за мяжой, бо кола тых, хто іх можа зразумець, як яны лічаць, звужаецца ня толькі да беларусаў, але да людзей, якіх рэпрэсавалі, якія адбылі тэрмін у калёніі. Яны выходзяць зь вялікім недаверам да сьвету, пачуцьцём самотнасьці, кажа псыхоляг.
«Немагчыма нікому дапамагчы насілу, нават маючы рэсурсы, магчымасьці, сэрца, адкрытасьць. З другога боку, яшчэ ёсьць чалавек, які або гатовы на гэта, або не гатовы. І нам можа здавацца: вось я табе дапамагу, бяры толькі. Але для другога чалавека гэта можа быць рызыка ці небясьпека. Любая дапамога можа быць для яго ўмяшаньнем у ягоную бясьпеку», — тлумачыць Юлія.
Дэпрэсія
Чалавек у стане траўмы можа ўпасьці ў дэпрэсію, мець праблемы з плянаваньнем, з ініцыятывай. Ён можа быць ня ў стане сам арганізаваць сабе штодзённае жыцьцё, быць у стане замярзаньня, ня ў стане зрабіць рух.
Як дапамагчы?
У чалавека ў траўме, у дэпрэсіі вельмі вялікі недахоп бясьпекі, блізкасьці, патрэба рабіць вялікія высілкі, каб выконваць штодзённыя абавязкі. Аднак ня варта ў такіх людзей пытацца, якая дапамога ім патрэбная, кажа Юлія.
«Мы ня можам запытацца: ці табе нешта трэба? Гэта пытаньне агульнае. І вельмі часта людзям складана сказаць, што ім трэба. Ім насамрэч трэба шмат».
На ейную думку, лепш пакінуць свой кантакт такому чалавеку і сказаць, што ён можа званіць, калі патрэбная будзе дапамога, калі нешта здарыцца.
«Тады ён сам можа гэта рэгуляваць, калі здарыцца нейкая сытуацыя. І сам пазвоніць», — кажа яна.
Таксама можна прапанаваць вельмі канкрэтную дапамогу, прыкладам, калі бачым, што чалавеку няма дзе жыць або няма чаго есьці.
«Я магу табе аплаціць дзьве ночы ў гатэлі. Ці ты мне дазволіш?» — прыводзіць прыклад прапановы дапамогі суразмоўца.
Але ў адзіным выпадку — калі мы становімся сьведкамі пагрозы жыцьцю — тады дапамогу ня трэба ўзгадняць з чалавекам, перакананая Юлія, тады дапамога мае быць прымусовай.
Яна заклікае быць уважлівымі, беражлівымі ў дачыненьнях з былымі палітвязьнямі, памятаць, што турэмны досьвед прынёс ім ня толькі страты, але і раскрыў пэўныя якасьці, актываваў карысныя рэсурсы, пра якія чалавек на волі, можа быць, і ня ведаў, а яны дапамагалі яму спраўляцца.
Юлія адзначае, што ёй самой няёмка прапаноўваць бясплатную дапамогу, бо гэта можа ўразіць ці быць успрынята як высакамернасьць.
«Я кажу так: „Я беларуска. Мяне там не было, але я вельмі хацела там быць. І я вельмі хачу ўнесьці нешта ў нашую агульную справу. І на гэты момант у мяне ёсьць толькі такая нагода неяк паспрыяць нашай агульнай справе, а табе падзякаваць за тое, што ты там была (быў). І я магу прапанаваць дзесяць бясплатных сустрэчаў (псыхатэрапіі)“», — прыводзіць уласны прыклад яна.
Форум