Згодна з інфармацыяй «Нашай нівы», Зьміцер Кажадуб родам з Мазыра. У 1994 годзе ён скончыў мясцовы пэдагагічны інстытут імя Крупскай. Як адзначаецца ў паведамленьні, дакладны вырак невядомы, імаверна, яму прызначылі «хімію» ці калёнію.
Зьміцер любіць падарожнічаць, плаваць на лодках і катацца на ровары. У анкетах на сайтах знаёмстваў ён пазначаў, што цікавіцца гістарычнымі фільмамі, гард-рокам і палітыкай. Як відаць з рэпостаў у сацыяльных сетках, Зьміцер — фанат гуртоў Neuro Dubel і Стары Ольса, рэпосьціў шмат сучаснай музыкі кшталту Imagine Dragons і Coldplay.
Раней Кажадуб меў уласную справу. У 2013–2019 гадах ён быў зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік. Асноўным відам дзейнасьці была здача ўнаём уласнай нерухомасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 11 сьнежня: мэнэджара холдынгу «Амкадор» асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмізму»У сьпіс «экстрэмістаў» дадалі яшчэ 18 чалавек. Цяпер у ім 6084 прозьвішчы
12 сьнежня Міністэрства ўнутраных справаў абнавіла пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай» дзейнасьці.
Як паведамілі ў праваабарончым цэнтры «Вясна», 15 з 18 даданых у сьпіс людзей асуджаныя паводле згаданага артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу.
Апроч таго, паводле праваабаронцаў, МУС прызнала праект «Кастусь» «экстрэмісцкім» фармаваньнем. Міністэрства лічыць датычнымі да яго Канстанціна Рэзнічака і Аляксандра Герасіменка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскі гарвыканкам стварыў чат-бот для даносаў аб «праблемных пытаньнях у ідэалягічнай сфэры»За «садзейнічаньне экстрэмізму» асудзілі харэографа, які выкладае танцы для людзей з інваліднасьцю
У сьпісе «экстрэмістаў» праваабаронцы @vitebsk_info заўважылі імя 59-гадовага мянчука Войцеха Грабіцкага.
Сям’я Грабіцкіх — выбітная пара танцавальных пэдагогаў і судзьдзяў. Войцех — спэцыяліст нацыянальнай катэгорыі, а яго жонка Валянціна — спэцыялістка найвышэйшай нацыянальнай катэгорыі.
Імя Войцеха Грабіцкага можна знайсьці ў шматлікіх артыкулах, прысьвечаных далучэньню людзей з інваліднасьцю да танцавальнай культуры.
Мужчыну асудзілі паводле арт. 361-4 КК («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
У Барысаве затрымалі Сяргея Салаша і Зьмітра Бабіцкага
Сяргей Салаш, 2010 год
49‑гадовы Сяргей Салаш — вядомы грамадзкі дзеяч. Пра ягонае затрыманьне работнікамі КДБ паведаміў у фэйсбуку журналіст Зьміцер Панкавец.
Ён таксама адзначыў, што родныя Салаша знаходзяцца ў цяжкім становішчы.
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», арыштаваныя таксама 46‑гадовы эканаміст Зьміцер Бабіцкі і яшчэ некалькі чалавек, якія разам з Салашам складалі мясцовы асяродак.
У свой час Бабіцкі і Салаш удзельнічалі ў выбарчых кампаніях, балятаваліся ў дэпутаты, зьбіралі подпісы за кандыдатаў ад апазыцыі. У 2010‑х яны адышлі ад палітыкі і займаліся толькі бізнэсам і грамадзкай дзейнасьцю.
На мінулым тыдні КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» ініцыятыву «Склад бутэлек». Сярод тых, каго назвалі датычным да яе, былі і Сяргей Салаш і Зьміцер Бабіцкі. КДБ таксама заявіў, што да ініцыятывы маюць Валянцін Бахцінаў, Аляксандра Вішнеўская, Настасься Цярэшка, Валерыя Бельская, Юрый Душын, Вольга Стралкоўская, Кірыл Скабейка, Дзьмітры Кавалёнак, Сяргей Статкевіч.
КДБ дадаў у «сьпіс тэрарыстаў» яшчэ 7 чалавек
- Ільля Бакіноўскі
- Яўген Валыхін
- Раман Гусейнаў
- Іван Замяцін
- Уладзімір Ісаеў
- Аляксандар Махнач
- Сяргей Цьвікевіч
Цяпер у «тэрарыстычным сьпісе» 1398 чалавек, зь іх 660 — беларусы («Вясна»).
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».