У Эўразійскую міжурадавую раду, якая надала Беларусі льготу, уваходзяць кіраўнікі ўрадаў Армэніі, Беларусі, Казахстану, Кыргызстану, Расеі.
«На пасяджэньні Эўразійскай міжурадавай рады кіраўнікі ўрадаў краін Эўразійскага эканамічнага саюзу дамовіліся надаць тарыфную льготу ў выглядзе вызваленьня ад выплаты мыта ў адносінах да электрамабіляў, што ўвозяцца ў шэраг дзяржаваў-чальцоў у 2026 годзе».
«Рашэньне датычыцца „чыстых электрычак“, якія ўвозяцца ў Беларусь у колькасьці 20 тысяч штук, а таксама „чыстых электрычак“ і „пасьлядоўных гібрыдаў“, якія ўвозяцца ў Армэнію ў у колькасьці 15 тысяч штук і ў Кыргызстан у колькасьці 15 тысяч штук», — гаворыцца ў паведамленьні міжурадавага савету.
Вызваляюць ад выплаты мыта толькі грамадзянам, якія стала жывуць у Армэніі, Беларусі і Кыргызстане. Пры гэтым не дапускаецца перадача правоў валоданьня, карыстаньня і распараджэньня электрамабілямі асобам, якія маюць грамадзянства і (або) пастаяннае месца жыхарства ў Казахстане або Расеі. У выпадку з «пасьлядоўнымі гібрыдамі» забарона таксама тычыцца перадачы правоў асобам, якія маюць грамадзянства і (або) пастаяннае месца жыхарства ў Беларусі.
Беларусь значна адстае ў электрамабільнасьці — людзі купляюць электрамабілі, але зарадных станцый мала.
Як паведаміла прэс-служба Беларускай АЭС, цяпер у Беларусі зарэгістравана 44 тысячы электрамабіляў і 1870 зарадных станцыяў. Станцыяў не хапае асабліва ў рэгіёнах і на трасах, таму інфраструктурныя абмежаваньні тармозяць разьвіцьцё электратранспарту. На адну зарадную станцыю прыпадае 23,5 аўтамабіля.
У Польшчы супастаўная колькасьць электрамабіляў — як паведамляе польскае выданьне Motofakty.pl, іх 102,4 тысячы. Але станцыяў зарадкі ў Польшчы значна больш — 11 173. Як паведаміла выданьне, Польшча дасягнула ў колькасьці электрычных аўтамабіляў на адну зарадную станцыю ўзроўню Бэльгіі — 9 аўтамабіляў на станцыю — і стала лідэрам у Эўропе. У Францыі і Гішпаніі на адну станцыю прыпадае 12 электрамабіляў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт дзяржаўнага кантролю заявіў пра выяўленую хабарніцкую схему пры распрацоўцы беларускага электрамабіля«Белтэхагляд» за 2024 год выдаў 14 416 дазволаў на электрамабілі.
22 кастрычніка 2021 году Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду пашырыць выкарыстаньне ў Беларусі электратранспарту, увязаўшы гэта з запускам Беларускай АЭС і згадаўшы, што «ўжо практычна ўсе краіны ідуць гэтым шляхам». Месяцам пазьней ён падпісаў указ аб стымуляваньні выкарыстаньня электрамабіляў.
27 ліпеня 2022 году першы намесьнік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў па нарадзе на заводзе «Белджы» заявіў, што ў Беларусі да 2025-га «павінны максымальна асвоіць камплектную базу ўласнага электрааўтамабіля».
Раней прадстаўнікі Акадэміі навук ня раз абвяшчалі намер стварыць айчынны электрамабіль. Прэзэнтаваныя пасьля ўзоры мелі абмежаваную ступень лякалізацыі. Навукоўцы заяўлялі пра складанасьць арганізацыі поўнага цыклю вытворчасьці электрамабіляў у Беларусі, у тым ліку праз спэцыфіку вырабу батарэяў, брак лініі вытворчасьці кузаваў і інш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Электракары падаражэюць, сярод новых машын пераважаюць кітайскія маркі беларускай зборкі. Што з аўтарынкам у Беларусі